Поўдзень

RSS Feed
Сярэдняя: 5 (2 галасоў)

Аднойчы здарыцца такая
Хвіліна
ў год, а можа, ў пяць:
Ніхто цябе не пагукае
I не падумае гукаць.

Усюды поўдзень — кубак поўны,
Гарушка ліпеньскага дня.
Яшчэ Ілля — прарок галоўны —
Не кінуў у ваду лядня.

Тэлеантэна, як трызубец,
Ліня цікуе,
а дубы,
Зялёнага пастаўшы дуба,
Халодзяць у стаўку чубы.

Радар сланечніка адключан:
Абрыдла галавой круціць...
Прыжмурыш вочы — рып уключын
Так і карціць, так і карціць...

Гарбуз, размораны спякотай,
Кульнуўся нема пад пляцень,
У бусла перасохлі боты —
Марнуй цяпер на змазку дзень...

Ляток б'е духам, як чалеснік,
Басіць мядовы унісон,
I кот ад ластаўчынай песні
Нервова ўздрыгвае праз сон.