Якуб Колас
RSS FeedКанец лета
Лецейка ты, лета,
Гучна песня спета,
Весела было!
Бралі поўнай чарай
Шчодрасць тваю, дары —
Сонца і святло.
Цешыла ты дзетак
Ды ласкава гэтак —
Матчынай рукой,
Воляй маладою,
Цёплаю вадою,
Чыстаю ракой,
Полем і лясамі,
Спевам — галасамі
Ясных дзён тваіх.
Мыла іх расою,
Сонцавай касою
Уцірала іх...
...Чарай асалоду
Чэрпалі, як воду,
Поўнаю, за край.
Залатое лета!
Дык прымі ж за гэта
Шчырае «бывай»!
На лузе
Добра ў лузе ў час палудны!
Лёгка там дыхнуць!
Хмаркі белыя марудна
За лясы плывуць.
Ветрык краскі чуць калыша,
Травы шалясцяць,
Луг зялёны жыццем дыша —
Конікі трашчаць.
Ў лозах шчэбет не сціхае,
Шум стаіць і свіст,
Ў яркім бляску спачывае
На ракіце ліст.
Спевам-гоманам і звонам
Поўніцца ўвесь луг,
I дрыжыць над ім, зялёным,
Жыватворчы дух.
У летні адпачынак
На століку маім ляжаць паперы,
Чарнільніца, як мачыха, стаіць...
А мне так хочацца зірнуць за дзверы,
На двор пайсці ды неба даль праверыць,
Агледзець хмар каралавую ніць.
Люблю я іх, люблю іх узнікненне
I вольны рух па сонечным шляху,
Іх шпаркі рост, купчастае адзенне,
Люблю глядзець, як неба сутарэнне
Узносіць іх кудлатую страху.
Чарнільніца мая глядзіць з дакорам
I думае, напэўна: «Ох, гультай!»
А я тады адказваю з пакорай:
«Я толькі пакурыць, вярнуся скора,
Хвіліначку, галубка, пачакай!»
I я за дзверы шусь! — I я на волі.
Такі табе навокала прастор!
Кучматы лес, утульны луг і поле...
Гляджу, што дзеецца ў блакітным доле,
I бачу — хмара ціснецца на бор.
Іду ў лясок сачыць за хмарай гэтай.
Між сосен дзвюх калышацца гамак.
I чую я — гром глуха грымнуў дзе-та.
Я ў гамаку, — п'ю чары, слодыч лета,
Чарнільніца ж мне кажа там: — Лайдак!
Апошнiя водгукi
5 лет 24 недели назад
7 лет 3 недели назад
7 лет 27 недель назад
7 лет 29 недель назад
8 лет 2 недели назад
9 лет 28 недель назад
9 лет 28 недель назад
9 лет 29 недель назад
9 лет 44 недели назад
10 лет 4 недели назад