Генадзь Бураўкін

RSS Feed

Касец у скверы

Сярэдняя: 4 (4 галасоў)

У скверы пахне сенам маладым.
Звініць каса над шорсткаю мянташкай...

I мне ўявіць сабе зусім не цяжка
Расяны луг,
туману лёгкі дым
I за спіною —
чорнай баразной —
Мой свежы след,
а ў небе над пракосам
Хмурынку з жаўруком срэбнагалосым
I першы промень — паласой скразной...

Тралейбусы,
як поўныя вазы,
Парыпваюць, праносячыся побач.
I рупіць па-старому
«Бог на помач!»
Гукнуць касцу,
што выйшаў з-за лазы.

Няма калі чупрыну расчасаць,
I не чуцён яму фантана лопат —
Яго заняў сялянскі летні клопат:
Касі, каса, пакуль раса.

Ён косіць...
Хто яго сюды прыслаў
Як прывітанне з маладосці нашай?
Пасля ўсё гэта я ўспрыму іначай,
Ды толькі будзе гэта ўсё пасля.
А сёння я не здаў яшчэ правы
На той вясковай памяці набытак,
Дзе захаваны звон касы адбітай
I пах нядаўна скошанай травы...

Усе аўтары