Купальская ноч ля возера
RSS FeedВось недзе за гэтым, а можа, за тым
Ядлоўцавым знакам — імшара,
Дзе папараць-кветка агнём залатым
Закрэсліць зямныя ўсе чары.
I высвеціць тое, чаго не было,
Няма, і, магчыма, не будзе...
Душа, нібы птушка, ляціць у сіло,
А ногі чапляюцца ў хлудзе...
I раптам таемна зірне глыбіня —
Люстэрка ў альховай аздобе,
Касмічным адбіткам стаіць цішыня,
I крок — землятрусу падобен.
Спыніся!.. Шукальнік агнёў залатых,
Замры і паслухай купалле —
Той голас, што мы пасадзілі ў драты
I ў дол дыскатэк затапталі...
Схаваўся ён тут? Не — спрадвеку жыве,
Ён толькі ад нас адвярнуўся.
Ты чуеш — дыханне прайшло па траве...
Як звон — цішыня Беларусі...
На беразе корч — толькі ша! — не суроч
Ад песні сваёй салавее,
I з неба азёрнага свецяць у ноч,
Як белыя зоркі, лілеі.
Дзякую, вельми кранула за
Дзякую, вельми кранула за душу.