Лівень

RSS Feed
Сярэдняя: 5 (2 галасоў)

Вы не бачылі часамі,
Як, напіўшыся з крыніц,
Вырастаюць за лясамі
Горы спелых навальніц?

Вырастаюць і хістаюць
Над сабой блакітны звон
I агністымі хвастамі
Хвошчуць сонца наўздагон.

Іхнія — зямля і неба!
Прэч з дарогі, прэч усе!..
Вецер спуджана і нема
Страпянецца на страсе.

Ліст вусцішна залапоча,
Пыльны выскача віхор,
Певень, быццам супраць ночы,
Пракрычыць апошні збор.

Блісне ў твар халоднай крэскай,
Свет закрые дацямна —
I з грымотамі і трэскам
Рухне чорная сцяна.

Б'юць руччы па каляінах
Ці дарога, ці рака?
I азон з душком палынным
У пакоях заблукаў...

Перамые, прапалошча,
Нібы ў новай лазні дзед,
Свет запыленыя мошчы, –
Як народзіцца на свет!

Цішынёю ахінуцца
I нябёсы, і зямля.
Hi травінкі не шапнуцца,
Hi жыцінкі — у палях...

Ані спрэчак, ані звады
У птушынае гурмы,
I за мройным даляглядам
Спяць натомлена грамы.