Анатоль Грачанікаў

RSS Feed

Ад спёкі летняй...

Яшчэ не ацэнена

Ад спёкі летняй
Дол ачах.
Буслы спачылі
За ракою
На цёплых
Жнівеньскіх стагах
У насцярожаным
Спакоі.
Туман,
Асмужаны ледзь-ледзь,
Плыве
На поплаў і балота...
I трэба
Ногі адагрэць
Перад вялікім
Пералётам.
А мо надыхацца
Ім трэба
Настоем траў
Пад родным небам,
Каб водар гэты
Іх прывёў
З далёкай далечы
Дамоў.

Ліпень

Сярэдняя: 4.5 (8 галасоў)

Ha глухіх выжарынах лясных
Пахнуць пераспелыя суніцы.
Разамлела хмеляць медуніцы
На глухіх выжарынах лясных.

Сочыцца жывіца з-пад кары,
Па ігліцы на траву страсецца.
Сонна сойка ўскрыкне ў гушчары,
Поблізу ёй дзяцел адгукнецца.

Зварухне і перагорне ліст
На асінцы сытая спякота.
Дрэмле заяц.
Дрэмле дзік і ліс,
Дрэмлюць і ласі сярод балота.

Я і сам, згрызот сваіх пастух,
Чарамі ляснымі разагрэты,
Ад лянотнай млявасці распух
Пасярод суквецістага лета.

Тут, у сховах дрэў, кустоў і траў,
Свет сябе выспельваў і пладзіўся,
Нібы я не жыў, не бедаваў,
Нібы я яшчэ не нарадзіўся.

Быў я свой між соснаў і ялін,
Родзічам табе, мураш рухавы.
Нібы той далёкі славянін,
Што яшчэ не знаў пакут і славы —
Неба і зямлі слухмяны сын.
I яму, пад бок паслаўшы травы,
Мяккі ліпень лашчыў зрок і слых
На глухіх выжарынах лясных.

Пачатак лета

Яшчэ не ацэнена

Жывыя хвалі аксаміту
Плывуць за сонны небакрай.
У дудачкі звілося жыта
На добры, кажуць, ураджай.

Дасвеццем росы-самасеі
Згінаюць травы да зямлі.
He верыцца, што тут завеі
З вятрамі сцюжнымі гулі.

Усё расце, усё буяе
І на палетках і ў бары.
Ад сілы сокаў набракае
На ўзлеску нават пень стары.

Яго жывая карнявіна
Яшчэ не ведае спачыну.
I вось прыйшоў ён, дзень такі —
Адгонцы пырснулі ў бакі.

I сам я на пачатку лета,
Бліжэй да маладога свету,
А да цябе — яшчэ бліжэй.
Ты не журыся, усміхніся.
Глядзі, пяшчотна як спляліся
Адгонцы нашых мар-надзей.

Былі й між нас яны, завеі,
I замаразкі дзе-нідзе.
Але каханне
He слабее,
Цвіце каханне
I расце.

Усе аўтары