Ніл Гілевіч
RSS FeedЗрабіце дождж!
Дожджык, дожджык, сыпані,
Я паеду на кані...
Укамянеў, усохся і патрэскаўся
З вясны не поены ні разу дол.
Бяда ідзе на старану палескую:
Ад спёкі нівы чахнуць навакол.
Ужо калоссе ледзьве шэпча: «Горача!»
Марнее плён руплівасці людской:
Апошнюю сцяблінку сцяў за горлачка
Кашчэй-сухмень нябачнаю рукой.
Такой часінаю, спагады просячы,
Тут колісь прашчур тупаў басанож,
Глядзеў на ляда і ў пакутнай роспачы
Маліўся небу, каб паслала дождж.
Ішоў да рэчкі, падуладны магіі,
I, абліваючы сябе вадой,
Шаптаў замовы вуснамі сасмаглымі,
Бездапаможны перад злом-бядой.
Але хіба абрадавымі модламі
З бяздонных высяў выклічаш ваду?..
Не памагу і я вам, нівы родныя:
Няшчасця вершам я не адвяду.
Браточкі-фізікі! А вы ж — вучоныя!
Прыдумайце што-небудзь, чорт вазьмі,
Каб дождж пасыпаўся на нівы чорныя,
Каб не сыходзіла душа слязьмі!
Калі над гэтым полем
з волкай хмарнасці
Па вашай волі ліўні зацурчаць —
Я буду ў дзікай першабытнай радасці
Скакаць і пець, куляцца і крычаць.
Зрабіце дождж, каб па загаду ліў ракой!
Пакуль жа гэтага, сябры, няма —
Не вельмі ж вы і абагналі лірыкаў,
I гэты кліч я шлю вам — нездарма!
На краі дажджу
Вы зведалі гэта —
У розгары лета
Пабыць неспадзеўна
На краі дажджу?
Вы скажаце, пэўна,
Што вам давялося
He раз і не двойчы
На краі бываць —
На краі бяздоння,
Над чортавай прорвай,
На краі знявер'я
I роспачы чорнай,
На краі няшчасця
I нават на краі
Уласнай магілы
Стаялі...
Ну, што ж!
Ну, добра, ну, значыць,
Ваш лёс літасцівы,
Але — ці былі вы
На краі дажджу?
Як не — то паверце,
He можаце знаць вы,
Што робіцца з сэрцам
На краі дажджу.
I я вам жадаю
He вечнага раю —
Жадаю імгнення
На краі дажджу!..
Ноч. Цішыня. На вулцы – ні душы...
Ноч.
Цішыня.
На вулцы – ні душы.
Стаю і слухаю, як у цішы
Зрываецца з галінкі яблык.
Ударыўшыся аб здранцвелы сук,
Ён глуха, мякка жвякне ў баразну.
На сенавал пайду, крыху азяблы,
І доўга-доўга, аж пакуль засну,
Наліваў белых буду слухаць стук.
А раніцой
Смяшлівая дзяўчынка –
У шэрачках-вяснушках,
Са шчарбінкай,
Яшчэ заспаная, іх пазбірае ў кошык
І возьме самы буйны і прыгожы,
Крамяны, выкупаны у расе,
Патрэ рукамі (яблык, як навошчаны,
Аж заскрыпіць) і, соладка храбошчучы,
Дадому жнівень спелы панясе.
Маё бяссонне ў хату панясе.
Апошнiя водгукi
5 лет 24 недели назад
7 лет 3 недели назад
7 лет 27 недель назад
7 лет 29 недель назад
8 лет 2 недели назад
9 лет 28 недель назад
9 лет 28 недель назад
9 лет 29 недель назад
9 лет 44 недели назад
10 лет 4 недели назад