Мікола Шабовіч
RSS FeedАдзвінела птушынае лета...
Адзвінела птушынае лета,
Нам ужо не вярнуцца туды,
Дзе былі мы пяшчотай сагрэты,
Дзе прабеглі юнацтва гады,
Дзе лічыў сабе кожны паэтам,
Дзе надзей гулказвонная плынь.
Адзвінела птушынае лета,
І над намі – мяцеліць палын.
Ад цябе мне нічога не трэба,
Толькі б ведаць, што дзесьці ты ёсць,
Над табой ясназорыцца неба,
Ружавее твая маладосць.
Як бяда мне пастуквае ў дзверы,
Лёс апошнюю песню спяе,
Толькі ў цёмныя вочы паверу,
Цемназорыя вочы твае.
Апранула народныя строі...
Апранула народныя строі,
Скрыпку ў рукі пяшчотна ўзяла,
Каб пачулі й за Лысай гарою
Пра цуд-кветку, што ўноч расцвіла.
Купалінка мая, купалінка,
Ночка цёмная, зор не відно.
Купалінка мая, купалінка –
Песня дзіўная льецца ў акно.
Сумна песня, ды й ты невясёла.
Скуль такая сумота-туга?
Дзе ж яно, выратоўнае кола?
Навакол – толькі слоў мітульга...
Апранула народныя строі,
Скрыпку ў рукі пяшчотна ўзяла...
Дай жа, Бог, каб начною парою
Кветка-папараць нам расцвіла!
Летам народзіцца восень...
Летам народзіцца восень,
Восень народзіць снягі.
Ўвесну заясніцца просінь,
Рэкі зальюць берагі.
Траўнем трава забуяе,
Ліпенем – ліпавы цвет.
Снежнем сняжок закідае
Лісця збуцвелага след.
Студзень марозныя ўзоры
Лютаму ў дар прынясе,
Каб сакавіцкія зоры
Траўнем блішчэлі ў расе.
Чэрвеньскай раніцай кожнай
Сонца зружовіцца твар.
Жнівень закончыцца пожняй –
Восені ўспыхне пажар...
Любіць Зямля без праклёну
Ўсе поры года свае.
Нам спасцігаць аж да скону
Мудрую праўду яе.
Апошнiя водгукi
5 лет 24 недели назад
7 лет 3 недели назад
7 лет 27 недель назад
7 лет 29 недель назад
8 лет 2 недели назад
9 лет 28 недель назад
9 лет 28 недель назад
9 лет 29 недель назад
9 лет 44 недели назад
10 лет 4 недели назад