Жніво

RSS Feed
Яшчэ не ацэнена

Люблю жніво!..
Прастор шырокі,
Дзе ў межах
Шэпчуць каласы,
Дзе спевы коцяцца далёка
На ўзмор'і гордае красы!..

Дзе спевы коцяцца і тонуць,
Няйначай хвалі ў цішыні,
Пад гул калёс,
Пад гул і тоны
Калышуць сон далечыні.

Люблю прастор,
Дзе ў цвеце зоры
На кроплях буйнае расы
Снуюць чароўныя узоры
I вышываюць паясы.

А там ў зацішку на майдане,
Дзе вербы ў квецені маўчаць,
Дадолу хіляцца ў тумане
Нямыя постаці дзяўчат.

Дадолу гнуцца...
I пад гаем,
У красе вячэрняй цішыні
Акорды песень заміраюць
I струны сэрца закранаюць
На дне душэўнай глыбіні.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Люблю жніво!
Прастор шырокі,
Дзе ў межах
Звоняць каласы,
Дзе спевы коцяцца далёка
На ўзмор'і гордае красы!..

Іншыя вершы аўтара