Слухайце ластавак

RSS Feed
Сярэдняя: 5 (1 голас)

Адкіньце ўсё —
I смутак, і жальбу.
Забудзьце крыўду
Позіркаў няласкавых.
Станьце каля хаты
пад вярбу,
Слухайце ластавак.

Слухайце,
Як скрушна шалясцяць
Крылцы іх, —
На льдзінкі
Голас колецца.
Ластаўкі
Заўтра адляцяць,
Сёння
На радзіму яны моляцца.

Моляцца
На ціхую павець,
На страху,
замшэлую і цёплую.
Ой, далёка
Ластаўкам ляцець!
Ці абзвоняць свет
жывымі кроплямі?
Ці прысудзіць лёс ім
Дасягнуць
Выраю,
Спаткаўшыся з наваламі?
Слухайце! —
Вось яны пяюць...
Слухайце! —
А вось ужо й не стала іх...

Жнівень позні
Ходзіць па мяжы,
Азірае з клопатам
аселіцы:
— Можа, ты хоць
ведаеш,
скажы,
Чалавек,
Дзе ластаўкі падзеліся?

Я стаю збянтэжаны,
тужу,
Быццам
Нада мной
Планеты скруха ўся...
Што табе я,
жнівень,
адкажу?
Я і сам іх
Добра не'наслухаўся...

Іншыя вершы аўтара