Кладка

RSS Feed
Сярэдняя: 5 (3 галасоў)

Завершыць хутка лета
Свайго быцця стажок.
Вясёлку цёплых кветак
Рассыпаў беражок.
Ляшчына сцеражэцца,
Хавае спарышы.
Над плынню ціхай — жэрдкі...
Ды боязна ў душы!
I толькі я ступіла
На кладачку нагой,
Як пад вярбой пахілай
Убачыла яго.
Сустрэча мне такая
Зусім не ў галаве.
А ён здалёк гукае,
Спяшае па траве:
— Дай цябе я, маладу,
На той бок перавяду...
Мне б адказаць адразу,
Што ён чакаў дарма.
Ды ахінула радасць —
I цвёрдых слоў няма.
А кладка гнецца, гнецца
Да самае вады.
А хлопец мне смяецца —
Вясёлы, малады.
Так заглядае ў вочы,
Што боязна зваліцца.
I хочаш ці ня хочаш,
А мусіш прытуліцца.
Няма ніякай радачкі
Ад гэтакай бяды...
Ой, кладка,
мая кладачка,
Вядзеш мяне куды?

Іншыя вершы аўтара